ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ РАЗГО́РТКА,
паслядоўнае раскладанне (разгортка) відарыса, створанага аптычнай сістэмай у тэлевізійнай перадавальнай камеры, на складальныя элементы адначасова з атрыманнем відэасігналу, а таксама адваротнае пераўтварэнне з дапамогай кінескопа
У вяшчальных сістэмах чорна-белага і каляровага тэлебачання Т.р. ажыццяўляецца сканіраваннем зыходнага відарыса разгортвальным элементам (электронным ці светлавым праменем пастаяннай інтэнсіўнасці), сінтэз відарыса на экране кінескопа — электронным праменем, прамадуляваным відэасігналам па інтэнсіўнасці. Раскладанне і сінтэз відарыса праводзяць па радках злева направа (радковая разгортка) і па вертыкалі зверху ўніз (кадравая разгортка). След ад руху разгортвальнага элемента ўтварае тэлевізійны радок, сукупнасць радкоў — тэлевізійны растр, перададзены (узноўлены) за гэты час відарыс — тэлевізійны кадр (поле).
А.П.Ткачэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)